ЖО́ЎТАЯ ЛІХАМА́НКА,

вострая інфекц. хвароба чалавека з сімптомамі інтаксікацыі, гемарагічным сіндромам, жаўтухай. Выклікаецца вірусам, перадаецца камарамі роду Aëdes. Пашырана ў Паўд. Амерыцы і Зах. Афрыцы.

Інкубацыйны перыяд 3—6 (да 12) дзён, пасля паяўляецца ліхаманка, т-ра цела павышаецца да 39—40 °C, баляць галава і мышцы, пашкоджваюцца ныркі, печань (жаўтуха), крывяносныя сасуды (кровазліццё пад скуру і ва ўнутр. органы, ірвота з крывёю). Пасля хваробы застаецца імунітэт на 6—10 гадоў. Лячэнне сімптаматычнае.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)